Барацьба не для дзяўчат? Брагінчанка Яніна Маліноўская даказвае адваротнае
09 марта 2026 г.
Ёсць меркаванне, што барацьба – гэта не для дзяўчат. Але існуюць тыя, хто рве гэтыя шаблоны. У іх ліку – юная брагінчанка Яніна Маліноўская. Яна даказвае, што нязломны характар і настойлівасць адкрываюць дзверы да любых перамог.
Шлях Яніны да спартыўных вяршынь пачаўся ў дзевяць гадоў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка Рустама Малінца. Да гэтага яна займалася танцамі. Але агонь саперніцтва і рызыка барацьбы пераадолелі.
– З Рустамам Хуршэдавічам хутка знайшла агульную мову, – кажа дзяўчына. – Мы разумелі адзін аднаго з паўслова, і яго падтрымка была неацэннай.
Сёння Яніна – вучаніца Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. Але яна не забывае сваіх каранёў і часта выступае за родную ДЮСШ. У канцы лютага стала лідарам першынства Гомельскай вобласці па вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат 2009–2010 гадоў нараджэння (у вагавой катэгорыі 65 кг). Пры гэтым дзяўчына спаборнічала з саперніцамі, старэйшымі за яе на два гады.
– Было няпроста, – прызнаецца яна. – Але кожнае выступленне загартоўвае мяне і робіць больш моцнай.
Сярод сапернікаў Яніны ёсць і сяброўкі, што стварае асаблівую атмасферу.
Для дасягнення поспехаў трэніруецца дзяўчына па дзесяць разоў на тыдзень. Яна навучылася сумяшчаць заняткі спортам з вучобай. Сярод школьных прадметаў ёй асабліва падабаюцца хімія і біялогія – магчыма, менавіта скрупулёзнасць і аналітычны падыход, якія неабходны пры вывучэнні гэтых прадметаў, дапамагаюць ёй і на барцоўскім дыване.
Яніна прызнаецца, што чэрпае натхненне з выступленняў вядомых спартсменаў, але галоўны суддзя і матыватар – яна сама.
– Я вучуся ў многіх, але параўноўваю сябе толькі з сабой учарашняй, – дзеліцца зямлячка.
У рэдкія хвіліны адпачынку, якіх вельмі мала, яна пагружаецца ў свет кніг або бярэ ў рукі аловак. Але самым каштоўным для яе застаюцца сустрэчы і размовы з блізкімі. Прагулкі па горадзе таксама дапамагаюць расслабіцца і набрацца сіл.
Галоўную падтрымку Яніна атрымлівае ад бацькоў. Яны не толькі радуюцца перамогам дачкі, але і перажываюць за яе здароўе.
Спартыўная жылка, відаць, перадаецца ў сям’і Маліноўскіх па спадчыне. Бацька таксама актыўна займаецца спортам, а цяпер па слядах старэйшай сястры ўпэўнена ідзе і малодшая Сафія, якая займае прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах.
Зазіраючы ў будучыню, Яніна бачыць сябе ў праваахоўных органах. Аднак яна ўпэўнена, што спорт назаўсёды застанецца неад’емнай часткай яе жыцця.
Зараз юная спартсменка актыўна рыхтуецца да адборачных спаборніцтваў, якія могуць адкрыць ёй дзверы да еўрапейскіх стартаў. Галоўная мара – дасягнуць высокіх вынікаў. І, улічваючы волю да перамогі Яніны, ёсць усе падставы меркаваць, што гэта здзейсніцца.